Выхаванцы дзіцячага сада № 54 горада Гродна з цікавасцю вывучаюць беларускую мову, спасцігаюць нацыянальныя традыцыі.
У другую нядзелю мая ў нашай краіне
святкуюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна
Рэспублікі Беларусь. Да знакавай падзеі старанна рыхтаваліся не толькі
дарослыя, але і маленькія беларусы. Напярэдадні свята мы наведаліся ў
госці ў дзіцячы садок № 54 горада Гродна, выхаванцы якога з цікавасцю і
задавальненнем вывучаюць беларускую мову, спасцігаюць нацыянальныя
традыцыі.
У пераліку асноўных формаў узаемадзеяння з дашкалятамі, якія пачынаюць
паглыблена знаёміцца з дзяржаўнымі сімваламі, важнае месца займаюць
музычныя заняткі, праца з дыдактычнымі і ілюстрацыйнымі матэрыяламі.
Дзякуючы прафесіяналізму педагогаў, іх уменню зацікавіць дзяцей і
далучыць іх да заняткаў, выхаванцы не толькі поўнасцю паглыбляюцца ў
тэму і добра засвойваюць атрыманыя веды, але і праяўляюць ініцыятыву.
![IMG_7243.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/cc9/1d3ecsk2si1x1stqi966hty9aqqg35vk.jpg)
Музычны кіраўнік дзіцячага садка № 54 горада Гродна Кацярына
Падгайчанка адзначыла, што патрыятычны складнік – адзін з асноўных у
працы выхавальнікаў. Работа ў гэтым накірунку вядзецца ў цеснай сувязі
ўсіх працаўнікоў дашкольнай установы. Галоўная задача – не проста
прывіць дзецям любоў і павагу да роднай мовы, традыцыям беларускага
народа, яго культуры, але і навучыць іх дакладна ведаць гісторыю і
значэнне галоўных дзяржаўных сімвалаў Беларусі.
– Калі сцяг і герб – гэта адчувальныя рэчы і дзеці могуць іх
убачыць, дакрануцца да іх, то гімн можна толькі пачуць. А таму падчас
музычных заняткаў я намагаюся максімальна данесці да дзетак асноўны сэнс
гэтага сімвала. Я тлумачу сэнсавую нагрузку слоў, мы разам вучым
мелодыю, а пасля поўнасцю выконваем гімн. Безумоўна, вельмі прыемна як
педагогу і грамадзяніну Беларусі бачыць, як маленькія патрыёты з
замілаваннем самі спяваюць гімн, – расказала Кацярына Падгайчанка.
![IMG_7328.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/e81/jvzlku0kv5wupp663kfym5bls742y7v9.jpg)
Пры гэтым, падкрэслівае музычны кіраўнік, дзеці добра ведаюць, калі і
якім чынам неабходна выконваць гімн. І калі чуюць ужо добра знаёмую
мелодыю – раўняюцца на сцяг і гучна падпяваюць. Адна з тых, хто найбольш
гучна спяваў гімн падчас занятку, – шасцігадовая Аліса Грынцэвіч.
Дзяўчынка расказала, што з задавальненнем наведвае заняткі па музыцы,
таму што з маленства любіць спяваць.
– Мы вучылі гімн разам з Кацярынай Пятроўнай, і было не так
складана. Яна расказала нам гісторыю трох сімвалаў, і цяпер мы ведаем,
чаму сцяг мае такія колеры, а герб упрыгожаны кветачкамі, – падзялілася Аліса Грынцэвіч.
![IMG_7299.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/5c3/5g5v26vpjl7w3wbyliq7lxgb8501wg9j.jpg)
Па душы маленькім гродзенцам і практычныя заняткі. Так, у сярэдняй
групе выхаванцы сваімі рукамі змайстравалі беларускія сцягі. У гэтым ім
дапамагала іх выхавацель Юлія Данільчык.
– Такія заняткі дзецям заўсёды падабаюцца. Яны не толькі займаюцца
цікавай справай, але і разумеюць сэнс свайго вырабу дзякуючы нашым з імі
размовам. Паколькі сярэдняя група пакуль што не вывучае гімн поўнасцю,
мы выкарыстоўваем іншыя формы работы. Напрыклад, разглядаем тэматычныя
альбомы, выходзім на вуліцу, дзе дзеці бачаць нашу сімволіку, і мы
абмяркоўваем яе важнасць, – патлумачыла Юлія Данільчык.
![IMG_7361.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/a32/w2q7xiet1xx1g3v4ybec9uqyr7gb9pkt.jpg)
![IMG_7357.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/ffd/wso616ho6c7fe12v309hvue73j7ckkac.jpg)
Акрамя гэтага, выхавацелі робяць напамін бацькам, каб яны таксама
звярталі ўвагу дзяцей на размяшчэнне галоўных дзяржаўных сімвалаў на
вуліцах горада, у пакоях і іншых месцах. Такім чынам адукацыйны працэс
будзе найбольш прадуктыўным.