«Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне» будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Расказваем, як развіваецца гэты від творчасці ў рэгіёне
![](https://region.grodno.by/images/storage/news/010232_274525_big.jpg)
Як паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, адпаведная пастанова Міністэрства культуры будзе прынята ў хуткім часе.
– Як вядома, дуда – гэта традыцыйны музычны беларускі народны інструмент, які належыць да тыпу язычковых духавых інструментаў. Дуда выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. Сёння дуда бытуе на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Літвы, Паўночнай Украіны і Беларусі. На тэррыторыі нашай краіны дударская традыцыя развіваецца на Віцебшчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне, – расказала Наталля Рамановіч. – А вось гістарычным арэалам распаўсюджання культуры дуды з’яўляецца менавіта тэрыторыя Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей, дзе сустракаліся аўтэнтычныя віды дударскай традыцыі з XVІ-XVIІ стагоддзяў.
Увогуле,
традыцыя дуды на Беларусі мае глыбокія карані. Мастацтва беларускай
дуды складалася і развівалася ў русле агульнаеўрапейскай культурнай
традыцыі са старажытных часоў. Але ўжо ў сярэдзіне ХХ стагоддзя
назіраецца заняпад дударства на тэрыторыі Беларусі. На яго змену
прыходзяць скрыпка і гармонік. Цікавасць да інструмента адраджаецца
толькі ў канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.
Так, у 90-ых гадах адраджэннем беларускай дуды на Гродзеншчыне пачынае займацца Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч, які актыўна працуе як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар па вынаходніцтву гукавых якасцяў ў галіне народных інструментаў. А ў 2016 годзе «Творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча» аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага Мар’ян Скрамблевіч з’яўляецца лаўрэатам дзяржаўнай прэміі дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі.
Мар’ян Антонавіч выкарыстоўвае дуду як сольны інструмент, не практыкуючы ансамблевае выкананне. У яго рэпертуары – аўтарскія творы, песенныя найгрышы, полькі.
![Мар'ян Скрамблевіч.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/924/06z6pg05pp13g4i50c7v5bt2po7ap9y4.jpg)
![0-02-05-86e463c6d7aad6c2a5725f23aa6a953ae13b0cb687ccd9e0a13f0b7bd3c5fe84_51e0fde1d3fb50c.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/ca3/hvmk613vbz1kbw01nmkujep1rsctn8o0.jpg)
Акрамя Мар’яна Скрамблевіча носьбітамі традыцый беларускай дуды на Гродзеншчыне з’яўляюцца таксама Алена Кавальчук і Артур Чабацько з горада Ліды. Свае навыкі ігры на дудзе яны атрымалі падчас вучобы ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Цікава, што дуды, на якіх граюць музыкі, змайстраваў для іх Віктар Кульпін – музыкант, педагог, майстар па вырабе духавых народных інструментаў. Яшчэ адзін носьбіт культуры беларускай дуды – Аляксандр Журо з Гродна, які з сярэдзіны 90-ых гадоў мінулага стагоддзя з'яўляецца пераемнікам творчасці вядомага майстра-дудара Алеся Лася.
На сённяшні дзень Мінскім аблвыканкамам запланавана падрыхтоўка дасье «Культура беларускай дуды» для накіравання ў ЮНЕСКА ў 2024 годзе.