Версия для печати
Размер шрифта
+
Печать

Чаму маладыя настаўнікі вярнуліся працаваць на малую радзіму?

 

Любоў да родных мясцін і да дзяцей – тое, што аб’ядноўвае герояў гэтай публікацыі. У кожнага, праўда, сваё жыццё, свой шлях, але нешта агульнае ў Ганны, Іны і Вадзіма ўсё ж такі ёсць. Пасля заканчэння ВНУ яны вярнуліся працаваць на сваю малую радзіму.

Упэўнена ў сваім выбары

Прафесійны шлях Ганны Сайкоўскай быў вырашаны ўжо даўно. Маючы пяць сясцёр, будучая настаўніца палюбіла дзяцей з маленства. І калі надышоў час выбіраць спецыяльнасць, Ганна доўга не раздумваючы павезла дакументы ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. І вось пасля чатырох год навучання дзяўчына вярнулася ў Елкаўскую школу, якую сама некалі закончыла.

Нягледзячы на тое, што агульную мову з педагагічным і вучнёўскім калектывамі знайшла адразу, у першыя дні працы без складанасцей ўсё ж не абышлося: патрэбна было прывыкаць да графіка работы. Праўда, малады спецыяліст ужо амаль год працавала ў школе раней. Гэта дапамагло ў рабоце з дакументамі і падрыхтоўцы да ўрокаў.

Ганна Іванаўна – настаўніца пачатковых класаў. Дзеці яе палюбілі адразу – яны, як ніхто іншы, адчуваюць вялікае жаданне маладога педагога навучыць іх самаму галоўнаму: быць добрымі, расці адказнымі і мэтанакіраванымі людзь­мі.

Асаблівая цяга да навучання

Сваё прызначэнне ў настаўніцкай справе ўбачыла і Іна Лазар, якая працуе педагогам дадатковай адукацыі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі райцэнтра. Раскрываць таленты маленькіх зорачак – вось адна з галоўных мэт маладога спецыяліста.

Як прызналася сама Іна Юр’еўна, ёй лягчэй знайсці агульную мову з маленькімі дзеткамі. Таму ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы выбрала спецыяльнасць “дашкольная адукацыя”.

З калектывам, расказвае педагог, ей вельмі пашанцавала: усе калегі вясёлыя, дружныя. Але за тыдзень да пачатку працы дзяўчына вельмі хвалявалася, ці ўсё ў яе атрымаецца на першым працоўным месцы. Родныя падтрымлівалі і запэўнівалі, што ўсё будзе добра.

 І сапраўды, правёўшы некалькі дзён на першым працоўным месцы, Іна Юр’еўна зразумела, што адчувае сябе «ў сваёй талерцы». Дарэчы, зараз настаўніца набірае ў танцавальны гурток дзяцей з 6 да 14 гадоў. Танцы будуць развучваць розныя – ад народных класічных да сучасных, накшталт хіп-хопу.

Са спортам з дзяцінства

Быць не проста настаўнікам, а прыкладам для дзяцей аднойчы вырашыў для сябе пачынаючы настаўнік фізічнай культуры Вадзім Пракаповіч. Падцягнуты і спартыўны малады педагог прыйшоў працаваць у СШ № 3 пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Спартыўны накірунак у навучанні выбраў не выпадкова: юнак пасябраваў са спортам яшчэ ў дзяцінстве, пастаянна ўдзельнічаў у спаборніцтвах. У школу прыйшоў, каб прывіваць дзецям любоў да спорту, якой апанаваны сам. Зараз вядзе ўрокі фізічнай культуры ў пачатковых і сярэдніх класах. А дэвізам для працы абраў ўсім знаёмыя словы: спорт – гэта сіла, спорт – гэта жыццё.

Р.S.: Гутарыўшы з такімі ж маладымі спецыялістамі, як і сама, у іх вачах ўбачыла агеньчыкі. Гэта, відавочна, была любоў да працы. І гэта не можа не радаваць. Бо калі чалавек любіць тое, чым займаецца, і займаецца тым, што любіць, то яго можна лічыць шчаслівым чалавекам. А гэта ці не галоўнае ў нашым жыцці?

«Праца»

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
https://region.grodno.by/by/region-news-by/view/chamu-maladyja-nastauniki-vjarnulisja-pratsavats-na-maluju-radzimu-28163-2019/
© Гродзенскі аблвыканкам, 2010-2016
Распрацоўка БЕЛТА