Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Празрыстая падлога ў падвале, археалагічныя знаходкі і інтэрактыўнасць. Якім будзе адноўлены Гальшанскі замак у перспектыве

30.06.2020
Навiны рэгiёна
Гальшанскі замак працягвае аднаўляцца за сродкі з фонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва. У гэтым годзе на захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці фондам выдзелена 498 тысяч рублёў. Адзіная з чатырох захаваных вежаў — паўночная — ужо практычна завершана. Праектам прадугледжаны ўнутранае аздабленне, узнаўленне каміна і падлогі, а таксама стварэнне экспазіцыі, паведамляе"Ашмянскі веснік".

IMG_5320.jpgЯкія работы вядуцца зараз на замку і што плануецца зрабіць у перспектыве, расказвае Сяргей Жылік, метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры.

— Гісторыка-культурная спадчына нашага рэгіёна багатая і разнастайная. Яна грунтуецца на традыцыях, звязаных з вопытам шматлікіх пакаленняў, якія жылі на гэтай зямлі і якія пакінулі тут свой след.

Наш раён адметны помнікамі архітэктуры, археалагічнымі даследаваннямі, нематэрыяльнымі каштоўнасцямі, звычаямі, выбітнымі постацямі, якія спрыялі развіццю нашай культуры. Мы ганарымся тым, што маем, і імкнемся рознымі спосабамі папулярызаваць і захоўваць нашы культурныя здабыткі, каб перадаць іх нашым нашчадкам у спадчыну.

У нашай краіне пытанне захавання гісторыка-культурнай спадчыны ўзнята на даволі высокі – дзяржаўны ўзровень. Мы, безумоўна, гэта адчуваем. Даволі шмат у гэтым накірунку зроблена ў Ашмянскім раёне. Калі прааналізаваць апошнія гады, то трэба назваць захады па захаванні памяці нашага земляка Францішка Багушэвіча – рэстаўрацыю яго магілы на могілках у Жупранах. Калі гаварыць пра Гальшанскі замак, то трэба адзначыць, што гэты аб’ект не страчвае сваёй папулярнасці дзякуючы рэгіянальнаму фестывалю, які штогод збірае ля сваіх сцен вялікую колькасць гасцей. На працягу некалькі гадоў робяцца пэўныя захады па захаванні гэтага гісторыка-культурнага аб’екта. Дзякуючы праграме “Культура Беларусі” і фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва мы атрымліваем фінансавую дапамогу на правядзенне на замку рэстаўрацыйных работ. Тут трэба адзначыць, што апошнім часам на Гродзеншчыне вяліліся работы ў Старым замку ў Гродне, у Лідскім замку. Паралельна з нашай гісторыка-археалагічнай славутасцю адраджаецца замак ў Крэве.

Што тычыцца Гальшан, то рэалізацыя запланаванага паспрыяе не толькі захаванню аб’екта і папулярызацыі нашай гісторыі, але і турыстычнаму, і сацыяльна-культурнаму развіццю рэгіёна. Таму што гэта і пытанне дадатковых рабочых месцаў, і пытанне інвестыцый, і тэрытарыяльнага развіцця раёна. Культура, пры адпаведным разуменні, з’яўляецца адным з рухавікоў развіцця рэгіёна. Створаны патэнцыял дазволіць нам атрымліваць пэўныя дывідэнды як ў культурна-гістарычных стасунках, так і ў сэнсе эканамічнага развіцця.

изображение_viber_2020-06-25_11-28-03.jpg

Паўночная вежа адрэстаўравана дакладна па ўзорах, захаваных з таго часу. Гэта тычыцца не толькі вонкавага ўбранства, але і ўнутранага. Плітка адсылае нас у часы Сапегаў: адпаведнікі яе знойдзены падчас археалагічных даследаванняў. Унутраная аздоба зала Сапегаў з камінам будзе дапоўнена экспазіцыямі, якія плануецца набыць на сродкі, выдзеленыя з прэзідэнцкага фонда па падтрымцы культуры і мастацтва. Частка выдаткаваных 498 тысяч рублёў плануецца на вонкавае асвятленне, падсветку, відэаназіранне і супрацьаварыйныя работы на паўночна-заходнім корпусе.

Вельмі цікавым, мне падаецца, павінен атрымацца падвал. Там будзе празрыстая падлога, якая стане элементам экспазіцыі. Праз яе будзе дэманстравацца гальшанскі скарб. Канцэптуальная прапрацоўка гэтай задумы ўжо ёсць. На першым паверсе будуць дэманстравацца археалагічныя знаходкі. Трэці паверх адкрые перад наведвальнікамі замак у перспектыве часу: праз інтэрактыўнасць і магчымасці сучаснай тэхнікі.

изображение_viber_2020-06-25_11-28-34.jpg

У планах згодна з праграмай “Культура Беларусі” стварэнне візіт-цэнтра: адміністрацыйныга будынка з неабходнымі ўмовамі для наведвальнікаў. Шмат зроблена па добраўпарадкаванні прызамкавай тэрыторыі. Ёсць пляцоўка для транспарту. Прадугледжаны азеляненне, газоны, дэкаратыўныя элементы.

Асноўны наш падрадчык – ТАА “Граніт+”. Менавіта работнікі гэтай будаўнічай арганізацыі дапамагаюць нам у ажыццяўленні распрацаванай навуковай канцэпцыі і зацверджанага згодна з ёй тэматыка-экспазіцыйнага плана.

Любы музей і гістарычны аб’ект павінен быць прыцягальным для турыстаў, мець сваю прывабнасць і свае фішкі, якія будуць яго адрозніваць ад іншых. Нашымі сумеснымі намаганнямі шмат зроблена для таго, каб турыстам хацелася наведаць менавіта наш замак. У нам ёсць яшчэ шмат ідэй. Напрыклад, вадаём стаў бы добрым дадаткам і нагодай для турыстаў у чарговы раз сюды зазірнуць і паглядзець на яго не толькі з пункту гледжання гісторыі ці музеефікацыі, а і з пункту гледжання рэкрэацыйнага патэнцыялу. Нам ёсць над чым працаваць. Упэўнены, што з надзейнай падтрымкай дзяржавы, якую мы пастаянна адчуваем, мы зможам зрабіць многае, каб захаваць нашу гісторыка-культурную спадчыну і пакінуць аб сабе добрую памяць.

Да спіса