Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Інтэрнет-прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Галоўная - Навiны - Навiны рэгiёна
12 сентября 2019

На Шчучыншчыне стартавала рэспубліканская акцыя “У славу агульнай Перамогі!”

Глыбокі сэнс закладзены ў гэта маштабнае мерапрыемства – захаваць памяць аб загінуўшых падчас мінулай вайны, стварыць адзінае месца пакланення іх сіле духу, мужнасці і гераізму. Напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне стаіць задача з усіх воінскіх пахаванняў і мемарыялаў, магіл ахвяр фашызму ўзяць жменьку зямлі і падрыхтаваць гістарычную даведку з тым, каб перадаць капсулу памяці ў Мінск у храм-помнік у гонар Усіх Святых. Урачыстая цырымонія закладкі капсул у крыпце храма-помніка адбудзецца 9 мая 2020 года ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў, дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый.

10 верасня ў аграгарадку Каменка ля магілы камандзіра Чырвонай Арміі І.П. Зямцова адбыўся мітынг, на які прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, школьнікі і мясцовыя жыхары. Перад прысутнымі выступілі старшыня сельвыканкама С.А. Панас і ваенны камісар Шчучынскага раёна У.Я. Чайко.

– Дзякуючы такім акцыям мы з вамі ўмацоўваем повязь паміж нашымі продкамі  і маладым пакаленнем, запальваем інтарэс у юных сэрцах да гістарычнага мінулага нашай Радзімы, – падкрэсліў у сваёй прамове Уладзімір Яўгенавіч. – Мы, сённяшняе пакаленне, захаваем праўду аб вайне і пастараемся не дапусціць паўтарэння тых жудасных і трагічных падзей.

Забор зямлі ў ільняны мяшэчак, ускладанне кветак. Кропелькі дажджу, нібы слёзы, калі сама прырода аплаквае маладое, заўчасна абарванае жыццё 24-гадовага Івана Зямцова, які загінуў за вызваленне Заходняй Беларусі.

Наступны прыпынак – у цэнтры гарадскога пасёлка Астрына ля скульптуры воіна-вызваліцеля. Тут пахаваны героі, якія склалі свае галовы ў баях з фашыстамі ў 1941-1944 гадах. Памаліцца за іх прыйшоў настаяцель мясцовай царквы айцец Аляксей Талмазан. Старшыня сельвыканкама Н.І. Лебядзевіч расказала землякам пра мэты рэспубліканскай акцыі памяці “У славу агульнай Перамогі!”, якая адыгрывае вялікую ролю ў духоўным і патрыятычным выхаванні сучаснікаў.

Вучні Астрынскай СШ імя Цёткі падрыхтавалі экскурс у гісторыю, чыталі прачулыя вершы, ускладвалі кветкі. Дарослыя запалілі лампадкі і напоўнілі мяшэчак, што нагадвае салдацкі кісет, свяшчэннай зямлёй.

На Астрыншчыне больш за дзясятак магіл герояў. У гэты дзень удзельнікі акцыі, сярод якіх члены БРСМ і валанцёры, працаўнікі ААТ “АграГЖС”, педагогі, супрацоўнікі іншых устаноў і прадпрыемстваў, актывісты пярвічнай ветэранскай арганізацыі ўшанавалі памяць загінуўшых падпольшчыкаў, наведалі магілу юнакоў, замучаных гестапаўцамі, памаліліся ля абеліска воінам Савецкай Арміі.

 Мітынгі і малебны з удзелам мясцовага насельніцтва прайшлі ля помніка загінуўшым землякам у Бярозаўцах і ля мемарыяльнага комплексу ў Зіняках, дзе фашысты зажыва спалілі цэлую вёску з жыхарамі.

Акцыя “У славу агульнай Перамогі!” працягваецца. На нашай шчучынскай зямлі 34 памятныя мясціны, дзе пакояцца героі і ахвяры той далёкай, але незабыўнай вайны, раны якой не загойваюцца ў нашых сэрцах да гэтага часу.

«Дзянніца»