Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Калі ў жыцці ёсць месца для песні

05.03.2018
Навiны рэгiёна
У Воранава прайшоў раённы конкурс эстраднай творчасці «Песенны вернісаж» Вясна абуджае ў чалавеку самыя цудоўныя пачуцці, кранае розум і сэрца. Нездарма 4 сакавіка на раённым конкурсе эстраднай творчасці «Песенны вернісаж» у асноўным гучалі душэўныя кампазіцыі пра каханне. Беларускія, рускія, украінскія, нямецкія, англійскія… 

Няважна, на якой мове выконваліся песні. Галоўнае, што ўсе яны знайшлі водгук у сэрцах гледачоў. Кожны саліст, які выходзіў на сцэну, выклікаў замілаванне ў публікі, быў шчырым, адкрытым. І не проста выконваў песню, а перажываў яе. Дэбютнае выступленне ўдала склалася для Таццяны Шчыгло, якая прадстаўляла Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці. Дзяўчына сваё жыццё звязала з медыцынай, працуе загадчыкам мясцовай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Неабходны для працоўных будняў зарад бадзёрасці і энергіі яна атрымлівае, выходзячы на сцэну. 

На «Песенным вернісажы» ўпершыню выступіла і прадстаўніца Воранаўскага РАУС – Юлія Бандалевіч. Яна была адзначана ў намінацыі «Крэатыўнае выкананне». Фартуна не падвяла Вольгу Пышынскую з Забалацкага цэнтра культуры і дасуга – яна стала лепшай у намінацыі «Увасабленне сцэнічнага вобраза». Усіх гледачоў зачараваў самы старэйшы канкурсант, удзельнік вакальна-інструментальнага ансамбля «Канвелішскія штукары» Канвелішскага цэнтра культуры і дасуга Браніслаў Чапля. Тройку лідэраў «Песеннага вернісажа» замкнула Наталля Ярмаловіч, якая выступала ад Больцініцкага цэнтра культуры і дасуга. Наталля працуе бухгалтарам у КСУП «Эліт-Агра Больцінікі», але ў яе душы заўсёды знаходзіцца месца для песні. 

Другім стаў таленавіты Ілля Прэсны. Чароўная настаўніца Забалацкага вучэбна-педагагічнага комплексу Галіна Ненартовіч святкавала перамогу.
Да спіса