Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Як рэстаўрацыя змяняе Гальшанскі замак

25.02.2019
Навiны рэгiёна
Нават тыя, хто апошнім разам бываў у Гальшанах усяго які год таму, сёння знакаміты на ўвесь край замак не пазнаюць. Яго паўночная вежа — яшчэ нядаўна паўзруйнаваная — ужо цешыць вока бялюткай свежай тынкоўкай. Адноўленая і накрытая дахам, на якім красуецца флюгер, звонку яна ўжо выглядае амаль завершанай — хаця наперадзе яшчэ даволі працы. Каб паспець своечасова, работы па аднаўленні не спыняюць нават узімку.

Побач з вежай — руініраваны фрагмент паўночна-заходняй замкавай сцяны, які будзе рэканструяваны бліжэйшым часам. Другога паверха ў гэтым месцы ўжо няма, над праёмам у першым — толькі цудам ацалелая арка таўшчынёю ў некалькі цаглін. Вока прыкмячае цікавую дэталь: з гэтай аркі расце кронаю ўніз дрэўца. Як тлумачаць рэстаўратары, высякаць яго нельга — арка можа абрынуцца, бо дрэўца пусціла карэнне між цэглы. Каб гэтага не здарылася, давядзецца акуратна прыбраць камель, а карані пакінуць у мурах. Зрэшты, падступіцца да дрэва наогул цяжка: драбіны не падставіш, бо з унутрага боку сцяны ўзровень зямлі значна ніжэйшы, уніз сыходзяць скляпенні замкавага жылога корпуса. А звонку тут узровень друзу яшчэ не так даўно сягаў вышыні аркі — вось дрэва і прарасло. Вялікі пласт зямлі і смецця знялі, рыхтуючы замак да рэстаўрацыі. 

Флюгер над вежай-эркерам
 

Пра аднаўленне Гальшанскага замка распавядае вядучы метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. Паводле яго словаў, падрыхтоўчы этап працаў ужо выкананы ў межах дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» — гэты аб’ект быў уключаны ў яе ўжо двойчы, у 2011 і 2016 гадах. За гэты час праведзена вялікая даследчая работа, якая ўключае і новыя археалагічныя даследаванні, выканана расчыстка муроў ад зямлі і смецця, слой якога месцамі дасягаў некалькіх метраў. 

У 2018 годзе з фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на кансервацыю і рэстаўрацыю Гальшанскага замка было вылучана 250 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі праведзеная гідраізаляцыя фундамента, адноўлены сцены паўночнай вежы, а таксама аконныя і дзвярныя праёмы. Муры вежы для ўмацавання былі сцягнутыя спіралепадобнымі стрыжнямі, між’ярусныя перакрыцці — умацаваныя, а наверсе ўсталяваны дах з флюгерам. 

Цяпер адбываецца рэканструкцыя фрагментаў сцен, якія прылягаюць да вежы. Пры гэтым выкарыстоўваецца аўтэнтычная цэгла-пальчатка з муроў замка, якая ў свой час была складзіраваная і захаваная. Пры аднаўленні сцен даводзіцца замяняць лядашчыя цаглінкі на больш моцныя. Сучаснай цэглы, якая выкарыстоўваецца, напрыклад, пры кансервацыі Крэўскага замка, на сённяшнім этапе работ у Гальшанах не пабачыш. 

Ужо зроблена і металічная лесвіца, па якой неўзабаве можна будзе трапіць у вежу. Яна размесціцца ўздоўж унутранага боку муроў, бо ўнутры вежы лесвіцаў не было, і на кожны яе ярус можна было ўвайсці толькі з жылога корпуса — фактычна, вежа з’яўлялася яго эркерам. 

Пачалося і ўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. Так, нядаўна былі высечаныя хмызы на паўночны захад ад замкавых сцен — на тым месцы, дзе некалі былі штучныя ставы. Дзякуючы гэтаму адсюль адкрылася прыгожая панарама мястэчка, над якім пануюць абрысы касцёла і царквы. 
Па праграме «Культура Беларусі» сёлета на аднаўленне Гальшанскага замку вылучана 150 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на заканчэнне вонкавых работ на вежы і фрагментах прылеглых сцен, усталяванне відэаназірання, рэканструкцыю арак і скляпенняў. Таксама накіраваная заяўка на грант для добраўпарадкавання тэрыторыі вакол замка і музеефікацыі вежы. 

2_lkcik.jpg 

Галоўны экспанат
 

Рэвіталізацыяй Гальшанскага замка займаецца Беларускі камітэт ICOMOS. Па словах кіраўніка праектнага бюро гэтай арганізацыі Ігара Раханскага, канцэпцыя экспанавання для Гальшанскага замка была распрацаваная яшчэ ў 2008 годзе. Сутнасць яе палягае ў тым, што помнік спадчыны разглядаецца як суцэльны экспанат, размешчаны пад адкрытым небам. 

Канцэпцыя аднаўлення прадугледжвае толькі частковую рэстаўрацыю замка, бо бракуе звестак і графічных крыніц, якія дазволілі б меркаваць пра яго агульны выгляд на момант пабудовы і ў пазнейшыя часы. У будучыні большую частку муроў плануюць закансерваваць у стане жывапісных руінаў. Замак разглядаецца як аб’ект, на вобраз якога наклала свой адбітак кожнае пакаленне нашых папярэднікаў, і задача сённяшніх рэстаўратараў — пакінуць тут годную памяць аб сучасных часах для нашчадкаў. 

У інтэр’ерах паўночнай вежы плануецца часткова аднавіць старыя і стварыць новыя роспісы. З’явіцца там і камін з ляпным дэкорам, аналагічны страчанаму — на жаль, толькі дэкаратыўны. Зрэшты, ягоны комін ужо ўздымаецца над дахам вежы. 

Ацяплення ў вежы не будзе, і таму ў экспазіцыі будуць размешчаны толькі тыя музейныя прадметы, якія дазволіць змясціць тэмпературны рэжым. Верагодна, будзе тут прадстаўленая і частка археалагічных знаходак з тэрыторыі замка. У падвале вежы можа з’явіцца экспазіцыя, прысвечаная міфам і містычным паданням, звязаным з замкам — зразумела, такую тэму абмінуць немагчыма. А на верхнім ярусе будзе аглядная пляцоўка. 

На тэрыторыі, якая прылягае да замка з паўночнага ўсходу, з боку ўязной брамы, з’явіцца візіт-цэнтр для турыстаў, дзе будуць змяшчацца сувенірныя крамы, пакоі для экскурсаводаў і абслугоўваючага персаналу. Побач размесцяцца італьянскі сад (парк без дрэваў) ды іпадром для конных спаборніцтваў, якія адбываюцца падчас фэстаў ля сцен замка. 

4_8ko3a.jpg 

Падарунак да фэсту 

На думку Сяргея Жыліка, Гальшаны маюць вялікі турыстычны патэнцыял дзякуючы шэрагу фактараў. Мястэчка выгодна размешчана на турыстычных маршрутах ля мяжы з Літвой, захавала гістарычную забудову, а таксама мае багатую гісторыю і міфалогію. З Гальшанамі звязаныя не толькі важныя падзеі мінулага і лёсы гістарычных асобаў, але і шэраг легендаў ды паданняў, якія прывабліваюць у мястэчка аматараў містыкі і прыгодаў. 

Не ў апошнюю чаргу паспрыяў такой славе і вядомы дэтэктыўны раман Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Вобразы апісаных у рамане замка і мястэчка ў немалой ступені грунтуюцца на рэальным выглядзе Гальшанаў і тутэйшага замка — хаця пісьменнік і адзначаў, што вобразы гэтыя зборныя. Таксама спрыяе росту цікаўнасці да замка і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гальшанскія чытанні», якая з 2006 года збірае на Ашмяншчыне даследчыкаў з розных краін і летась ладзілася ўжо ў восьмы раз. 

А 18 мая адбудзецца ўжо дзясяты, юбілейны, фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак», які збірае рэканструктараў тагачаснага побыту, рыцарскія клубы і проста аматараў гісторыі. На прылеглай да замка тэрыторыі размесцяцца музычная сцэна, намёты, рыцарскі стан, будуць прадавацца вырабы рамеснікаў. Як і ў мінулыя гады, адбудуцца выступы музыкаў, тэатралізаваныя прадстаўленні, конныя турніры… 

Але сапраўднай перлінай і галоўным падарункам для гасцей сёлетняга фестывалю, вядома, зробіцца адноўленая паўночная вежа замка. Хочацца спадзявацца, што цікавасць, якую выкліча ў публікі ейны вонкавы выгляд, стане стымулам найхутчэй напоўніць яе зместам і ўнутры. Усталяванне лесвіцы, падсветка сцен, стварэнне экспазіцыі патрабуюць значных высілкаў і сродкаў — але дзякуючы гэтаму старыя муры ажывуць. 

3_lcklc.jpg
Да спіса