Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Hастаўніца беларускай мовы стала вучыць дзяцей ткацтву. Гісторыя Марыны Камінскай у сумесным праекце "Гродзенскай праўды" і галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама

06.05.2020
Навiны рэгiёна
Калі Марына Камінская, якая вучыць дзяцей ткацтву ў гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі, кажа, што скончыла Гудзевіцкую школу, становіцца зразумелай яе любоў да гэтага рамяства. Бо менавіта ў Гудзевічах на Мастоўшчыне намаганнямі колішняга настаўніка Алеся Белакоза шмат гадоў таму быў створаны літаратурна-этнаграфічны музей, дзе захоўваюцца выбітныя дываны ў тэхніцы падвойнага ткацтва. І менавіта тут традыцыю адрадзілі і захавалі. Вялікі ўнёсак у гэта зрабіла жонка дырэктара музея Вера Ігнатаўна, сёння – народны майстар па ткацтве. Марына Камінская не проста расла ў вёсцы, дзе ткацтва было ў асаблівай пашане. Яна дачка Алеся і Веры Белакоз. Ад іх у яе любоў да народнага рамяства, традыцый, роднай мовы і літаратуры. Сёння ўсё гэта арганічна спалучаецца ў яе працы з дзецьмі і падлеткамі. 

IMG_8810.JPG

Па адукацыі Марына Камінская – настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Марыла, як і яе настаўнікі, літаральна ўлюбіць дзяцей у роднае слова.
– З 4 класа на ўроках літаратуры мы актыўна працавалі ў музеі, хадзілі на экскурсіі, вучыліся праводзіць іх самі. Перапісваліся з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, кампазітарамі. Таму ўрокі літаратуры вылучаліся сярод астатніх, былі нібы казка. Мы пісалі лісты і атрымлівалі адказы ад Уладзіміра Дубоўкі, Канстанцыі Буйло, Івана Мележа… Канешне, мне хацелася стаць настаўніцай літаратуры, каб гэтак жа зацікавіць дзяцей.
IMG_8858.JPG

Свой першы ліст вучаніца 4 класа Марына напісала да Уладзіміра Дубоўкі. У той час яна ўжо наведвала гурток па ткацтве, які арганізавала яе маці, і даслала пісьменніку невялічкую закладку. А ўжо вучаніцай старэйшых класаў да юбілею творцы напісала яму чарговы ліст і адправіла падарунак – вытканы ёю гальштук. Не чакала, што ён згадае закладку. Аднак яна захоўвалася ў творцы. Ён напісаў, што параўнаў два вырабы і “прагрэс відавочны”. Ліставанне доўжылася да смерці пісьменніка. Многія вучні перапісваліся з беларускімі аўтарамі, атрымлівалі ў падарунак цікавыя экспанаты, кнігі з аўтографамі для музея, ак часам і для сябе асабіста. Сёння ўсе лісты захоўваюцца ў Гудзевіцкім музеі.
Пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта Марына Камінская з 1981 года працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Гродзенскім раёне. А ў 1988-м уладкавалася на працу ў абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі. Дзякуючы ёй тут з’явіўся гурток па ткацтве. У 1999 годзе яе вучэбная праграма была надрукавана ў «Зборніку матэрыялаў па беларускім народным ткацтве». Пазней, ужо дапрацаваная, увайшла ў зборнік адукацыйных праграм Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. А ў 2015 годзе на рэспубліканскім конкурсе “Мой лепшы занятак” распрацоўка Марыны Камінскай атрымала дыплом ІІ ступені і таксама была надрукавана. 

IMG_8761.JPGIMG_8773.JPG

Марына Камінская – кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Суквецце талентаў”, адным з накірункаў якой з’яўляецца якраз ткацтва. У студыі займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з 7 гадоў. Сярод вучняў і ўнукі педагога. У старэйшага Даніка ўжо цэлы стос дыпломаў з конкурсаў самага рознага ўзроўню. Ён хоць і малы, тчэ не толькі на дошчачках і на рамках, але і досыць упэўнена пачувае сябе за вялікімі кроснамі. Дарэчы, апошнія – падарунак Гудзевіцкага музея. Калі ў Алеся Белакоза папрасілі кросны для музея ў Палац, ён сказаў, што аддасць у адным выпадку: калі на іх будуць працаваць. У той час Марына Аляксандраўна ткала з дзецьмі толькі паяскі і закладкі на рамках, а яму вельмі хацелася, каб гэта рамяство развівалася. Так у майстэрні з’явіліся кросны. Яны ў добрым стане, і сёння на іх ствараюць ручнікі, сурвэткі, пано і невялікія дываны навучэнцы студыі. Ёсць тут і новыя кросны, але майстры, якія мелі магчымасць ткаць на розных, кажуць, што ніводны навадзел не параўнаць са старадаўнімі кроснамі, з такой дакладнасцю яны зроблены.
IMG_8872.JPG

Популярныеновости
Многодетная мама о росте пособий: «Каждый месяц на детей будем получать более 1 000 рублей»
Многодетная мама о росте пособий: «Каждый месяц на детей будем получать более 1 000 рублей»
В Беларуси излечен первый пациент с диагнозом коронавирус
В Беларуси излечен первый пациент с диагнозом коронавирус
Льготы, необходимый стаж и механизм начисления: разбираем изменения в пенсионном законодательстве
Льготы, необходимый стаж и механизм начисления: разбираем изменения в пенсионном законодательстве
Навучэнцы студыі асвойваюць розныя віды ткацтва, знаёмяцца з тэхнікамі, якія былі распаўсюджаны ў нашай мясцовасці. Пачынаюць з простага на рамках, на ніту, на дошчачках, пасля – на вялікіх кроснах спрабуюць двухнітовае палатнянае перапляценне, робяць перабор, асвойваюць шматнітовае, прынамсі, чатырохнітовае ткацтва. А каб было асабліва цікава, ткуць дзеці рэчы, якія запатрабаваны сучаснікамі: павязкі на руку накшталт бранзалета, бірулькі для ключоў, магніцікі, брошкі, гальштукі, мятлікі. Такому прымяненню старадаўняй тэхнікі ў сучасным жыцці быў прысвечаны праект студыі “Спрадвечнае заўтра”, які на рэспубліканскім конкурсе стаў адным з лепшых. 
Яшчэ адзін праект называецца “Таямніцы падвойнага ткацтва”. Навучэнцы Палаца працягваюць традыцыю стварэння гродзенскіх падвойных дываноў. Першы невялічкі дыван памерам, як накідка на крэсла, тут зрабілі ў 1992 годзе.
– Традыцыю падвойнага ткацтва мы імкнемся захаваць, але зрабіць сапраўдныя дываны для нас немагчыма. Па-першае, патрэбны вельмі вялікія кросны. Па-другое, гадоў пяць будзем ткаць з дзецьмі. Таму мы заняліся дэталёвым вывучэннем падвойных дываноў, – распавяла Марына Камінская. – У Гудзевіцкім музеі іх каля 20, у тым ліку 6 старых, яны датуюцца 1898 – 1932 гадамі. На аснове ходніка, што ляжаў у Гудзевіцкай царкве, а цяпер захоўваецца ў музеі, мы распрацавалі больш кампактны ўзор і зрабілі пано. Гэты праект на рэспубліканскім конкурсе заняў першае месца. У бліжэйшы час плануем выткаць яшчэ адно, а таксама распрацаваць новыя ўзоры на аснове старых дываноў. Гэта наблізіць дзяцей да традыцыі падвойнага ткацтва.

IMG_8892.JPG
Як зацікавіць дзяцей ткацтвам? У Марыны Камінскай свае сакрэты:  індывідуальны падыход, сучасныя вырабы, знаёмства з рознымі тэхнікамі, калі кожны можа абраць тое, што падабаецца менавіта яму. Прываблівае і сама майстэрня – невялікі музейны пакой. Экспанаты для яго збіраліся самімі дзецьмі падчас этнаграфічных экспедыцый па Гродзеншчыне. Ёсць тут нават ручнік з чырвона-чорнай вышыўкаў. Паходзіць ён з Бераставіччыны і датуецца прыкладна 1910 годам.
Вось у такой атмасферы сялянскага побыту, творчасці і працуюць над сваімі тканымі рэчамі сучасныя дзеці і падлеткі. Знаёмяцца з гісторыяй, традыцыямі і беларускім словам, бо ўсе заняткі Марына Камінская вядзе на роднай мове. Так яна спалучае дзве свае любові – да ткацтва і беларускага слова. Як і марыла, улюбляе ў іх дзяцей.
Да спіса