Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта ўзнагароджаны калектыў Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча

15.02.2022
Навiны рэгiёна
Калектывам музейнай установы праведзена звыш 200 экскурсій. Высокую ўзнагароду творчая каманда ўстановы атрымала за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё музейнай справы.

Важкім унёскам у яе рэалізацыю стала стварэнне музейнай экспазіцыі ў паўночнай вежы Гальшанскага замка. Сёння гэта паўнавартасны турыстычны аб’ект, які прываблівае турыстаў дзякуючы праведзенай тут грунтоўнай рабоце па кансервацыі і рэстаўрацыі. Фінансаванне работ адбываецца з Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» і сродкаў мясцовага бюджэту. На першым этапе рамонтна-узнаўленчых работ асвоена звыш 3 мільёнаў 24 тысяч рублёў, расказвае osh.by.

Стварэнне экспазіцыі вялося супрацоўнікамі музея з 2019 года. У маі мінулага года ўзнаўленне вежы было завершана, і музейная экспазіцыя разгарнулася для шматлікіх наведвальнікаў.

У экспазіцыйных пакоях праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі. Прыкладам таму служыць экскурсія «Таямніцы Гальшанскага замка» з элементамі інтэрактыву. У мінулым годзе ў замку прайшла традыцыйная “Ноч музеяў”, якая стала падмуркам для сумеснага з раённым цэнтрам культуры мерапрыемства «Вечары ў Соф’і Гальшанскай».

Адкрыццё экспазіцыйных пакояў у паўночнай вежы павялічыла турыстычную прывабнасць аб’екта, стварыла абгрунтаванае мастацка-экспазіцыйнае асяроддзе ў інтэр’ерах, што дазваляе пазнаёміцца з гісторыяй уладання Сапегаў і яго гаспадарамі.

Турыстычны аб’ект садзейнічае павелічэнню колькасці наведвальнікаў, а разам з тым і эканамічнаму развіццю рэгіёна. У мінулым годзе (з мая па снежань) музей у замку наведала каля адзінаццаці тысяч турыстаў. Калектывам музейнай установы праведзена звыш 200 экскурсій.

Творчыя супрацоўнікі краязнаўчага музея разам са сваім кіраўніком Аленай Жастковай робяць усё магчымае, каб шырока прапагандаваць патэнцыял гістарычнай спадчыны ў развіцці рэгіёна і выхоўваць у падрастаючага пакалення пачуццё павагі да роднага краю.
Да спіса