Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Інтэрнет-прыёмная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшкi, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Галоўная - Навiны - Навiны рэгiёна
24 сентября 2020

Добраўпарадкаванне. Інвестпраграма ў дзеянні

 

Гарпасёлак Казлоўшчына нашага раёна быў уключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці.

Што гэта значыць? А тое, што праектаванне, рэканструкцыя, капітальны рамонт і добраўпарадкаванне жылых дамоў, вуліц, грамадскіх і сацыяльна значных будынкаў тут будзе ажыццяўляцца за кошт раённага і абласнога бюджэту. Што зроблена ў межах праграмы і што яшчэ мае быць выкананым, карэспандэнтка газеты “Перамога” пабыла на месцы падзеяў.

Па словах старшыні Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзіма Бяляткі, праграма комплексная, яна рэалізуецца адразу па некалькіх напрамках. Актыўна ідуць работы па добраўпарадкаванні мікрараёна шматпавярховай забудовы па вуліцы Савецкай. А гэта замена ўсіх тратуараў, дарожнага пакрыцця, новыя аўтамабільныя стаянкі, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. На сёння ўжо зроблена падсыпка для закладкі асфальту, тым часам тратуары “апранаюцца” ў новую плітку. Гэта адзін з найбуйнейшых праектаў сёлетняй праграмы, з выдзяленнем значных фінансавых дадацый, які палепшыць умовы жыцця многіх пасялкоўцаў.

Адначасова вядзецца мадэрнізацыя і рамонт фасадаў пад’ездаў шматпавярховых жылых дамоў па вуліцы Савецкай. Трэба адзначыць, што для рэалізацыі праекта будзе затрачана нашмат менш запланаванага, бо большасць работ па мадэрнізацыі выконвае не наняты падрадчык, а сам гаспадар – Казлоўшчынскі ўчастак Дзятлаўскага РУП ЖКГ.

Нягледзячы на тое, што некалькі гадоў таму Казлоўшчынская сярэдняя школа адчыніла свае дзверы ў новым будынку (адрамантаваным памяшканні былога ліцэя), справаў тут яшчэ шмат. У межах інвестпраграмы абнавіўся школьны стадыён. Было цалкам заменена асфальтабетоннае пакрыццё, “стометроўка” і сумешчаная баскетбольна-валейбольная пляцоўка выкананы ў гумавым пакрыцці.

Цяпер казлоўшчынскія спартыўныя таленты будуць гадавацца на лепшым стадыёне раёна.

– Сёлета на нашым школьным стадыёне вельмі было шмат зроблена, – адзначыў настаўнік фізічнай культуры Казлоўшчынскай сярэдняй школы, трэнер прызёраў і пераможцаў спартыўных спаборніцтваў Мікалай Юрчык. – Створаны самыя спрыяльныя ўмовы для спартыўных гульняў, заняткаў лёгкай атлетыкай. – Цяпер ідуць рамонтныя работы ў спартыўнай зале, якая неўзабаве таксама ўступіць у строй.

Для камфорту школьнікаў і педагогаў на стадыёне з’явіліся новыя лаўкі, быў набыты новы спартыўны інвентар.

Што тычыцца самаго будынка школы, тут будзе праведзены капітальны рамонт актавай і спартыўнай залаў з элементамі мадэрнізацыі. Ужо ёсць заказчык, зроблена праектная дакументацыя і распачатыя работы. Што немалаважна, былі адрамантаваны дахі будынкаў, ліўнёвая сістэма і агароджа тэрыторыі школы.

У будынку колішняй сярэдняй школы, дзе “пасяліўся” пасялковы Дом культуры, таксама адбудуцца змены да лепшага. Тут запланаваны рамонт даху і мадэрнізацыя фасаду. Да Дома культуры вядзе ўжо абноўлены на сёння завулак Школьны, з асфальтавым пакрыццем і новымі тратуарамі.

Праграма не абышла сферу гандлю.

Ужо зроблены быгучы рамонт некалькіх магазінаў “Родны кут”, праведзены дэмантаж складоў, якія не выкарыстоўваліся. Для зручнасці шматлікіх аматараў грамадскай лазні выканана мадэрнізацыя пад’ездаў да будынку.

Выдатнай навіной для ўсіх, хто працуе ў Казлоўшчынскай гарадской бальніцы, наведвае яе або ідзе міма ў суседнія з пасёлкам вёсачкі стала закладка новай веласіпеднай дарожкі. Па ёй ужо можна прайсці або праехаць на веласіпедзе ад вуліцы Савецкай непасрэдна да медыцынскай установы. Для зручнасці жыхароў вёскі Колкі, бліжэйшых вёсак Амбражылевічы, Куцкі (ды і не толькі іх!) ад населенага пункта да вуліцы Кірава ў гарпасёлку Казлоўшчына закладзена асфальтавая дарога.

Інспектар Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка заўважыла, што вырашылася праблема, якая хвалявала мясцовых жыхароў даўно:

– У час прамых ліній і прыёмаў грамадзян да нас пастаянна паступалі пытанні, якія тычыліся дарогі ад Казлоўшчыны да Колак. Нарэшце сёлета сіламі ДРБУ-119 дарога была заасфальтавана, што стала добрай навіной як для вадзіцеляў, так і для пешаходаў.

Як і заўжды, актыўна ўключыліся ў праграму Дзятлаўскі раён газазабеспячэння і Дзятлаўскі раён электрычных сетак.

Рамонтныя работы ў гарпасёлку Казлоўшчына прадаўжаюцца, але ўжо сёння населены пункт істотна папрыгажэў.