Рэгіён
Галоўная / Рэгіён / Раёны / Лідскі раён

Лідскі раён

 Афіцыйны сайт Лідскага раённага выканаўчага камітэта

Горад Ліда заснаваны ў 1323 г. вялікім князем Гедымінам. З канца 14 і да пачатку 16 стагоддзя Ліда - велікакняжацкі горад з першай пяцёркі гарадоў ВКЛ. У 1590 г. Ліда атрымала магдэбургскае права і гарадскі герб.

Наступныя стагоддзі Ліда - адміністрацыйны, судовы, гандлёвы цэнтр павета, раёна. У Ліду прыязджалі судзіцца, прасіць, абменьвацца прадукцыяй, сустракацца на балях і ўрачыстасцях. З 1759 па 1834 г. у горадзе існавала сярэдняя навучальная ўстанова - піярскі калегіум, выпускнікі якога пакінулі значны след у навуцы і літаратуры. У калегіуме вучыўся будучы прафесар Віленскага універсітэта батанік С.Б.Юндзіл.

У 1795 г. горад, пераважна яўрэйскі, уключаны ў склад Расійскай імперыі.
З другой палавіны 19 стагоддзя пачынае інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму садзейнічала пракладка чыгункі. Ліда расце ў прасторавых і колькасных адносінах: з'яўляюцца піўныя, тытунёвыя, чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, лесапільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гасцініцы. Сучаснае аблічча горад набыў у 60-80-я гады 20 стагоддзя. Лідская архітэктура адносна небагатая, захаваліся толькі тры значныя архітэктурныя помнікі: замак 14 стагоддзя, пабудаваны вялікім князем Гедымінам, Крыжаўзвіжанскі касцёл (18 ст.), пабудаваны паводле праекта архітэктара І.Глаўбіца, і Міхайлаўскі храм-ратонда (19 ст.). Захаваліся таксама цікавыя будынкі канца 19 - пачатку 20 стагоддзя і каталіцкія могілкі, закладзеныя ў пачатку 19 стагоддзя.

У Лідзе нарадзіліся акадэмікі Аркадзь Мігдал і Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, кінаактрыса Поля Ракса, спартсмен Валерый Цыленць.

Цяпер у горадзе больш як 300 вуліц і завулкаў, на якіх пражываюць больш як 100 тыс. чалавек, каля 40 % з іх беларусы, 35 % - палякі, 20 % - рускія. 18 буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў: "Лакафарба", "Оптык", "Лідсельмаш", Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, "Аграпраммаш", "Нёман", піўзавод, ліцейны завод, вагона-рамонтны, завод электравырабаў, абутковая фабрыка, мэблевая фабрыка, камбінат будаўнічых матэрыялаў, ДБК, малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, хлебакамбінат, хлебазавод, шматлікія банкі. 15 сярэдніх школ, гімназія, ліцэй, тэхнічны і педагагічны каледжы, музвучылішча, тры ПТВ. Ліда - адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі. Годам заснавання Ліды лічыцца 1380, але ў Гамбургскай энцыклапедыі першыя ўпамінанні адносяцца да 1180 г. Ад набегаў татараў і тэўтонскіх рыцараў у 1323 г., на зліцці дзвюх рэк Лідзеі і Каменкі, на насыпаным капцы быў узведзены замак, які стаў надзейным укрыццем для гараджан у трывожныя часы.

У 1590 г. гораду было дадзена магдэбургскае права. На працягу стагоддзяў Ліда ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расіі.

Лідскі раён - адзін з буйных адміністрацыйна-тэрытарыяльных і прамысловых цэнтраў Рэспублікі Беларусь з колькасцю насельніцтва больш як 140 тыс. чалавек, аб'ёмам вытворчасці прадукцыі больш як 45 млрд. руб. у месяц. Асноўныя галіны - хімічная, харчовая, машынабудаўнічая, метала- і дрэваапрацоўчая, электратэхнічная, будаўнічая, ваенная; уключае ў сябе такія прадпрыемствы-гіганты, як акцыянерныя таварыствы "Лакафарба", шклозавод "Нёман", "Лідахлебапрадукт", завод электравырабаў (уваходзяць у лік буйнейшых прадпрыемстваў свету).

Прадукцыя экспартуецца больш як у 40 краін свету і адпавядае міжнародным стандартам ІСО-9000. Фталевы ангідрыд, фарбы і лакі, сельскагаспадарчая тэхніка, оптыка, люмінесцэнтныя свяцільні, шкляныя вырабы, харчовыя канцэнтраты, піва - шырока вядомыя за межамі нашай рэспублікі.

У сувязі з распадам СССР змянілася эканамічная сітуацыя ў рэгіёне, аб'ём вытворчасці знізіўся, вызвалены вытворчыя плошчы. У той жа час застаўся вопыт, напрацаваны гадамі; высокакваліфікаваныя, працавітыя і дысцыплінаваныя кадры; захаваўся прамысловы патэнцыял прадпрыемстваў. Сёння патрэбна карэнная перабудова, стварэнне на пустых плошчах высокатэхналагічных прадпрыемстваў з падобнымі да асноўнай вытворчасцямі. У сувязі з гэтым мы гатовы да дзелавога партнёрства, наладжвання сумеснай вытворчасці. Глыбока перакананы, што ў нас створаны ўсе ўмовы як для айчынных, так і для замежных інвестараў. Ужо цяпер, рэалізуючы інвестыцыйныя праекты, прамысловасць раёна асвоіла і вырабляе прынцыпова новыя віды прадукцыі: збожжаўборачныя камбайны, аўтобусы, лекавыя прэпараты, энергазберагальныя свяцільні, сучасныя маркі фарбаў. У рэгіёне паспяхова працуюць больш як 30 прадпрыемстваў з сумесным і толькі замежным капіталам. Пры гэтым адзначаецца высокі адукацыйны ўзровень спецыялістаў, якія там працуюць.

Лідскі раён займае выгаднае геаграфічнае становішча. Ён знаходзіцца на перакрыжаванні важнейшых аўтамабільных  дарог і чыгунак, авіяліній. Наша мэта - дастойнае нарошчванне вытворчасці, высокатэхналагічнае пераўзбраенне прамысловасці, стварэнне новых сучасных прадпрыемстваў з рознымі формамі ўласнасці, павелічэнне экспартных паставак, наладжванне прамых сувязей з імпарцёрамі.

Будзем шчыра рады бачыць Вас у ліку нашых дзелавых партнёраў і заўсёды гатовы да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.