Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Вучаніцы Астравецкай школы мастацтваў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта

29.06.2020
Навiны рэгiёна
Сёлета адразу тры вучаніцы Астравецкай  дзіцячай школы мастацтваў атрымалі гэтую прэстыжную ўзнагароду: Эмілія Далінчык, Яна Свірыда і Надзея Айгуль.
Надзея Аўгуль колькі сябе памятае, столькі спявае. На сямейных святах, на вуліцы і ў школе – усюды гучыць звонкі голас дзяўчынкі.

 З дзяцінства  мяне цікавіла музыка. Я ніяк не магла зразумець, якім чынам ноты, якія мне здаваліся нежывымі мудрагелістымі кручкамі на паперы, ад дотыку пальцаў да інструмента ператвараюцца ў прыгожую мелодыю, – разважае Надзея. – Я вельмі хацела навучыцца іграць на фартэпіяна, таму чатыры гады назад стала займацца ў школе мастацтваў.
Праз некаторы час педагог па вакале Марына Кіб прапанавала дзяўчынцы прыйсці на заняткі ў харавы клас. 

– Я крыху саромелася, але мама ўгаварыла, – успамінае Надзея. – Пасля некалькіх заняткаў з Марынай Вітальеўнай я канчаткова зразумела, што маё – не музыка, а спевы!
Двухгадовая сумесная работа педагога і дзяўчынкі прынесла плён: Надзея неаднаразова перамагала і станавілася прызёрам шматлікіх творчых конкурсаў –  яе звонкі голас пакараў раённае і рэспубліканскае журы.
Марына Кіб, педагог харавога аддзялення:
 Надзея Аўгуль – таленавітая і адказная дзяўчынка. Акрамя таго, што выступае сольна, удзельнічае ў вакальным ансамблі «Варняначкі». Нядаўна дзяўчаты сталі лаўрэатамі ІІ ступені аднаго з польскіх творчых конкурсаў.
Эмілія Далінчык таксама паспяховая вучаніца. Сведчанне таму – не толькі выдатныя адзнакі, але і перамогі ў шматлікіх творчых конкурсах: міжнародных «Крыштальны васілёк», «Сэрца зямлі маёй», «Пакарэнне вяршынь», «Трыумф», «Гармонія», рэгіянальным фестывалі-конкурсе «Вясёлы жужа».
159120574398850.jpg
Запісваючыся ў музычную школу, Эмі – так называюць дзяўчынку ў сям’і – хацела пайсці на клас флейты, але настаўнікі пераканалі, што цымбалы  лепш. Праз нейкіх паўгода Эмілія ўпэўнілася, што і сапраўды – лепш, і нават адмовілася ад флейты як дадатковага інструмента. Сакрэт такой любові просты: яны з выкладчыкам Людмілай Столяр знайшлі агульную мову.
Людміла Столяр, выкладчык школы мастацтваў па класе цымбалаў:
 Эмілія Далінчык, безумоўна, музычна адораная дзяўчынка. Але ў конкурсах ёй дапамагае перамагаць найперш стараннасць і сур’ёзныя адносіны да ўсяго, чым яна займаецца. У трэцім класе стала іграць у аркестры народных інструментаў. Пры такім творчым патэнцыяле і адносінах да справы наперадзе ў Эміліі, думаю, яшчэ не адна перамога.
Маці гімназісткі Яны Свірыды часта гаворыць дачцэ, што тая нібыта ў аблоках лунае. А дзяўчынка і не спрачаецца – усе мастакі вялікія летуценнікі.
– У маляванні я крыху бунтар, – прызнаецца дзяўчына. – Нас вучылі, што фігура на палатне ствараецца паэтапна. А мне хацелася маляваць так, як я бачу, – суцэльна. Увогуле, не люблю, калі маю творчасць абмяжоўваюць тэмай.
Школьніца з цікавасцю і задавальненнем спрабуе новыя тэхнікі і матэрыялы. Аднак, калі б яе папрасілі выбраць нешта адно, аддала б перавагу акварэлі – нягледзячы на тое, што гэта адзін з самых складаных відаў мастацкай творчасці: тут цяжка выправіць памылкі. 

Яна Свиридо.jpg
– Праўда, я яшчэ не малявала алеем, можа, і гэта мне спадабаецца, – гаворыць Яна. – Цяпер я асвойваю маляванне на камп’ютары, гэта не так  проста – ёсць свае асаблівасці. На маніторы можна выдаліць ці перанесці аб’ект малюнка, а на палатне яго давядзецца сціраць ці замалёўваць. На паперы я адчуваю, як ідзе рука, а за камп’ютарам – пакуль не. Ёсць розніца і ў колерах. 

У гэтым годзе Яна скончыла трэці клас мастацкага аддзялення Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, дзе займаецца пад кіраўніцтвам Вікторыі Варановіч. За тры гады навучання карціны дзяўчынкі неаднойчы ўдзельнічалі ў конкурсах і атрымалі годную адзнаку не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, і нават Амерыцы. 

Вікторыя Варановіч, педагог мастацкага аддзялення:
– Яна вельмі таленавітая, заўсёды адказна ставіцца да работы. Па ўсіх дысцыплінах дзяўчынка займаецца на выдатна. Больш таго – ідзе крыху наперадзе праграмы. Напрыклад, на занятках мы толькі пазнаёміліся з асновамі выявы чалавека, а Яна ўжо вымалёўвае дэталі – і ў яе гэта цудоўна атрымліваецца. Яшчэ яна добра адчувае колеравую палітру. Прафесійнае спалучэнне фарбаў на карцінах Яны неаднойчы адзначалі члены журы конкурсаў.
Да спіса